ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных ввырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва «Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл. Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.
т. 5, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)